Сёння мы зробім падарожжа па этнаграфічнаму кутку нашай школы. На некаторы час адыдзем ад паўсядзённасці і перанясёмся ў мінулае, пазнаёмімся з тым, як жылі і працавалі нашы продкі, як вялі гаспадарку, як адпачывалі.
Кожны чалавек павінен ведаць, дзе яго карані, як жылі яго дзяды і прадзеды, як і чым частавалі гасцей, якіх прытрымліваліся звычаяў і традыцый.
Беларуская вёска. Яна не такая вялікая, як ва Украіне. У нас 20-30 двароў – гэта ўжо вёска. Хаты ў Беларусі часта будавалі талакою. Талака – даўні народны звычай калектыўнай дапамогі ў гаспадарчых работах. Лесу ў Беларусі шмат, таму і хаты будавалі з тоўстых і смалістых бярвёнаў. Падлогу рабілі з дошак, столь – таксама. На гарышчы на яе насыпалі апілкі з глінай – для цяпла. Стрэхі раней рабілі саламяныя. Крылі іх з дапамогай грабёнкі, якой падганялі сноп да снапа...